РАГАВЫ́ АРКЕ́СТР, рагавая музыка,

самабытны тып аркестра медных духавых інструментаў. Вядомы ў Расіі ў сярэдзіне 18—1-й пал. 19 ст. Упершыню створаны ў Пецярбургу чэш. валтарністам Я.​А.​Марашам, прыдворным капельмайстрам аркестра С.​К.​Нарышкіна. Не меў аналага ў зах.-еўрап. краінах. На Беларусі быў у Шклоўскім тэатры Зорыча.

Складаўся з удасканаленых паляўнічых рагоў розных памераў (ад 9,5 да 225 см), якія выраблялі з ліставой медзі, мелі канічную форму і парабалічна загнуты канец трубкі каля муштука. Р.а. поўнага складу ўключаў 91 рог, кожны з якіх выдаваў адзін гук пэўнай вышыні. Гучанне Р.а., магутнае і разам з тым мяккае, аксамітавае, вібрыраванае, нагадвала гучанне своеасаблівага аргана. Напачатку Р.а. абслугоўвалі прыдворныя святы, балі, прагулкі «на вадзе», феерверкі, маскарады, паляўнічыя выезды, суправаджалі серэнады. У канцы 18 — пач. 19 ст. іх выкарыстоўвалі ў публічных тэатр. пастаноўках і канцэртах. Часта былі адзінымі выканаўцамі інстр. музыкі ў правінцыяльных гарадах і памешчыцкіх сядзібах. Лепшыя Р.а. мелі даволі багаты і разнастайны рэпертуар — ад апрацовак нар. песень і танцаў да оперных уверцюр, сімфоній. Як спецыфічная з’ява муз. культуры знік у 1830-я г.

Літ.:

Вертков К. Русская роговая музыка. Л.;

М., 1948.

І.​Дз.​Назіна.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)